Language
Сейчас в Минске   Погода в городах Беларуси

Главная Беларусы Літвы Гімназія ім.Ф.Скарыны ў Вільнюсе

Гімназія імя Францыска Скарыны г.Вільнюса

Гімназія імя Ф.Скарыны г.Вільнюса адкрыта студзеня 1919 г. у адпаведнасці з загадам Міністра адукацыі Літоўскай Тарыбы Міхаіла Біржышкі (Mykolas Biržiška). Рэгулярныя заняткі ў Віленскай беларускай гімназіі (ВБГ) пачаліся 1 лютага 1919 г.

З 1919 па 1937 год гімназія размяшчалася ў “Базыльянскіх мурах”, у 1937-1939 гг. – у будынку (разбураным у вайну), які належаў дзяржаўнай польскай гімназіі імя Ю. Славацкага (вул. Дамініканская).

З 1932 года ВБГ з’яўдялася філіялам польскай гімназіі, у 1939-1941 гг. – мела статус прагімназіі, затым – няпоўнай сярэдняй школы.

На працягу свайго існавання (з 1919 па 1944 гг.) гімназія была цэнтрам беларускага грамадскага жыцця ў Паўднёва-Усходняй Літве: яе называлі “кузняй беларускіх грамадскіх дзеячоў” і адным з самых плённых нацыянальных праектаў ХХ стагоддзя. У Віленскай гімназіі працавалі такія вядомыя беларускія дзеячы, як Антон Луцкевіч, Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Ігнат Дварчанін, Браніслаў Тарашкевіч, Мікола Анцукевіч, Рыгор Шырма, Язэп Драздовіч, Адам Станкевіч.

У 1992 годзе амаль праз паўстагоддзя пасля закрыцця ВБГ у Вільнюсе быў створаны аргкамітэт па адраджэнні гімназіі, у 1993 годзе – адкрыты першыя беларускія класы пры сярэдняй  школе №13 і сярэдняй школе №17.

У 1994 годзе была заснавана  школа №68 г.Вільнюса – адзіная беларускамоўная сярэдняя школа за межамі Беларусі, якая ў 1997 годзе  атрымала імя Ф.Скарыны.

У канцы 2012 года  школа прайшла акрэдытацыю і 15 лютага 2013 г. рашэннем Nr.1-1081 Савета самакіравання г.Вільнюса сярэдняя школа імя Ф.Скарыны  была рэарганізавана ў гімназію імя Францыска Скарыны г.Вільнюса.
Змест навучальнага працэсу ў навучальнай установе вызначаецца Агульнай праграмай і стандартамі Літоўскай Рэспублікі. Мова навучання – беларуская, частка прадметаў выкладаецца па-літоўску. Вывучаюцца таксама руская і англійская мовы, у якасці другой замежнай можна выбраць французкую або нямецкую мовы.

Cёння гімназія імя Ф.Скарыны г.Вільнюса – адзіная беларускамоўная навучальная ўстанова за межамі Рэспублікі Беларусь, якая дае поўную сярэднюю адукацыю. Для выпускнікоў гімназіі існуюць ільготы пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь.

У гімназіі працуе больш за 30 высокакваліфікаваных настаўнікаў, вучыцца каля 180 вучняў з 1 па 12 класы. З 2014/2015 н.г. у гімназіі створана падрыхтоўчая група для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Гімназія імя Ф. Скарыны ў Вільнюсе – асяродак беларускай культуры. Тут адбываюцца сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі, выставы кніг, фотаздымкаў і мастацкіх прац. У гімназіі працуюць тэатральны гурток, мастацкая студыя, вакальныя ансамблі “Жавароначкі” і “Лянок”.

З верасня 2002 г. па ініцыятыве Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы ў гімназіі дзейнічае Музей беларускай літаратуры і мастацтва. Экспазіцыю музея складаюць карціны беларускіх мастакоў, якія жывуць у Літве, і карціны, дараваныя Саюзам мастакоў Рэспублікі Беларусь; выстава “Янка Купала ў дыялогу культур”. У фондах музея – шматлікія кнігі, фотаздымкі, фотакопіі рукапісаў Я.Купалы, Я. Коласа, Ф.Багушэвіча, перададзеныя музеем імя А.С. Пушкіна г.Вільнюса.