:

Аб выстаўке да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці Якуба Коласа

23.11.2016 г.

 

24 лістапада 2016 г. у Літаратурным музеі А.С. Пушкіна (г. Вільнюс, вул. Субачаус, 124) у 12.00 адбудзецца адкрыццё выстаўкі “Свайму часу і вечнасці” да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. 
 
Арганізатарамі экспазіцыі выступілі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (Беларусь), Літаратурны музей А.С. Пушкіна (Літва) пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Літве. 
 
У сузор’і вядомых імёнаў, якімі па праву ганарыцца беларускі народ, Якубу Коласу (1882-1956) належыць адно з найбольш пачэсных месцаў. Класік нацыянальнай літаратуры, аўтар паэтычных шэдэўраў, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы. Такім быў Якуб Колас, такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага народа. 
 
Пачынаючы з 1906 года, жыццё і творчасць Якуба Коласа былі цесна звязаны з сённяшняй сталіцай Літвы, якая была супольным культурным цэнтрам. 1 верасня 1906 г. у газеце «Наша доля» адбыўся літаратурны дэбют Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. Верш «Наш родны край», напісаны пад уражаннем ад падзей нелегальнага сходу настаўнікаў, быў надрукаваны пад псеўданімам Якуб Колас. Тут, у Вільні, выйшлі яго зборнікі вершаў «Песні жальбы» (1910), «Апавяданні» (1912), «Родныя з’явы» (1914).
 
Беспрацоўны настаўнік (звольнены за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе) быў запрошаны ў Вільню ў рэдакцыю “Наша ніва” у 1907 годзе, дзе з мая па чэрвень кіраваў літаратурным аддзелам. Ён нелегальна жыў у памяшканні рэдакцыі, але па загаду паліцыі вымушаны быў пакінуць горад (падчас вобыску былі канфіскаваны рукапісы яго рэвалюцыйных вершаў). 
 
1 верасня 1907 г. Якуб Колас зноў вяртаецца ў Вільню ўжо з афіцыйным дазволам на жыхарства і працуе ў рэдакцыі “Наша ніва”. У гэты час пад рознымі псеўданімамі (Дзядзька Карусь, Тамаш Булава, К. Альбуцкі, Агарак і інш.) піша шэраг вершаў, апавяданняў, якія друкуюцца ў рэдакцыі “Наша ніва”. 
 
Сувязь Якуба Коласа з Вільняй не абмяжоўваецца толькі яго кароткачасовым пражываннем у перыяд 1907-1908 гадоў, калі ён працаваў у рэдакцыі “Наша ніва”. Пасля вызвалення з турмы 15 верасня 1911 г. ён зноў наведаў Вільню і “ехаў туды не з пустымі рукамі. Вёз тры сшыткі ў цыратовых вокладках. І ўсё з вершамі”. 
 
На выстаўке прадстаўлены матэрыялы з фондаў беларускага Дома-музея Якуба Коласа: факсімільнае выданне газеты “Наша доля” з першай публікацыяй паэта 1 верасня 1906 г., рукапісы лістоў Якуба Коласа супрацоўнікам рэдакцыі “Наша ніва”, копіі графічных работ беларускіх мастакоў Васіля Шаранговіча, Анатоля Волкава, Арлена Кашкурэвіча, Аляксандра Дзямарына, Анатоля Александровіча, Юзэфа Пучынскага, Мікалая Купавы, фатаграфіі паэта віленскага перыяду, выданні 1920-1940 гг. “Літаратуры і мастацтва” з артыкуламі народнага паэта, матэрыялы з асабістага архіва паэта ад пісьменнікаў Літвы, а таксама газеты “Наша ніва” і выданні з творамі Якуба Коласа ў перакладзе на літоўскую мову з фондаў Літаратурнага музея А.С. Пушкіна ў Вільні. 
 
 
 
 

Версия для печати

Дипмиссии Беларуси за рубежом

Все дипмисии Сайт МИД
Перейти