:

Аб удзеле Пасольства ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця часовай экспазіцыі “Якуб Колас і Вільня”.

10.08.2018 г.

10 жніўня 2018 г. у Літаратурным музеі А.С. Пушкіна (г.Вільнюс) адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Якуб Колас і Вільня”, а таксама прэзентацыя турыстычнага маршрута “Літаратурны Павільніс: Якуб Колас і Маркучай”, прымеркаваныя да 95-годдзя выдання паэмы “Новая зямля”.

З прывітальным словам да гасцей экспазіцыі звярнулася саветнік-пасланнік Пасольства К.А. Ерміліна, якая таксама ўзнагародзіла падзякамі Пасольства за самаадданую працу і супрацоўніцтва па захаванню і ўшанаванню культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі і Літвы кіраўніцу Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа З.М. Камароўскую і кіраўніцу Літаратурнага музея А.С. Пушкіна Н.Петраўскене.

А пасля ўрачыстай цырымоніі адбылася экскурсія па новым турыстычным маршруце «Літаратурны Павільніс: Якуб Колас і Маркучай”.

Сувязь Якуба Коласа з Вільняй не абмяжоўваецца толькі яго кароткачасовым пражываннем у перыяд 1907-1908 гг., калі ён працаваў у рэдакцыі „Нашай нівы”. У прыгарадзе Вільні, Павільнісе, Марыя Цімафееўна Каменская пабудавала ў Віленскай Чыгуначнай Калоніі дом для сваёй дачкі, Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, будучай жонкі Якуба Коласа. Менавіта сюды ў 1913 г. у час вясельнага падарожжа прыязджала маладая сям'я.

Якуб Колас з асаблівым пачуццём павагі і захаплення ставіўся да паэзіі рускага генія А.С. Пушкіна, які меў вялікі ўплыў на фарміраванне і станаўленне паэтычных поглядаў песняра. Па словах паэта, калі б не было пушкінскіх “Яўгенія Анегіна”, “Меднага конніка”, “Капітанскай дачкі”, казак вядомага рускага пісьменніка, то не было б, магчыма, і паэмаў “Новая зямля”, “Хата рыбака”, шматлікай лірыкі і прозы.

У Вільні адбылося знаёмства Якуба Коласа з паэтамі Людасам Гірам, Пятрасам Цвіркам, Вінцасам Мікалайцісам-Пуцінасам і Альбінасам Жукаўскасам. У прыватнай бібліятэцы Якуба Коласа захоўваецца шэраг кніг, а таксама збораў твораў літоўскіх аўтараў з дарчымі надпісамі: Э. Межэлайціса, В. Антанаса, К. Корсакаса, А. Жукаўскасам і інш.

Літоўскія пісьменнікі таксама перакладалі творы Якуба Коласа: Эмілія Легутэ, Эўгяніюс Матузявічус, Юозас Мацявічус, Вацыс Рэймерыс і інш.

На часовай экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Літаратурнага музея А.С. Пушкіна, а таксама з асабістага архіва старэйшага сына Якуба Коласа Д.К. Міцкевіча, якія знаёмяць наведвальнікаў з раннім перыядам творчасці паэта, яго ўзаемаадносінамі з літоўскімі пісьменнікамі, гісторыяй сям’і Каменскіх. Там прадстаўлены лісты Якуба Коласа да Антона і Івана Луцкевічаў, Аляксандра Уласава, рукапіс першага верша “Мужык”, ліст Якуба Коласа да другога сакратара ЦК Кампартыі Узбекістана М.А. Ламакіна, у якім Якуб Колас выклікае заклапочанасць лёсам нашчадкаў А.С. Пушкіна, фотаздымкі сям’і Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, жонкі паэта, а таксама дома ў раёне Маркучай, дзе некалі жыў Якуб Колас са сваёй сям’ёй. Літаратурны музей імя А.С. Пушкіна выстаўляе для экспанавання сапраўдныя рэчы з дому Марыі Дзмітрыеўны Каменскай: гадзіннік, кніжную шафу, ікону Казанскай Божай Маці, падсвечнік, скарбонку.

Выставу можна пабачыць па адрасе г. Вільнюс, вул. Субачаўс, 124.

Версия для печати

Дипмиссии Беларуси за рубежом

Все дипмисии Сайт МИД
Перейти