:

Аб правядзенні дыктоўкі па беларускай мове, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.

21.02.2018 г.

21 лютага 2018 г. у беларускай гімназіі ім.Ф.Скарыны г.Вільнюса адбылася дыктоўка па беларускай мове, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. У гэты дзень міжнародная супольнасць дэманструе павагу да культурнай разнастайнасці розных краінаў свету, падкрэслівае іх выключныя асаблівасці і адначасова аддае даніну пашаны да моваў усіх нацый нашай планеты.

У сваёй прамове да мерапрыемства саветнік-пасланнік Пасольства Л.Татарыновіч адзначыла належны сымбалізм абранага месца: “Тое, што сюды прыехалі людзі нават з іншых гарадоў Літвы, паказвае шчырую любоў беларусаў да матчынай мовы. Дарэчы, і месца, у якім мы сёння сабраліся, таксама мае сымбалічнае значэнне. Беларускамоўная гімназія горада Вільнюса, названая ў гонар беларускага і сусветнага асветніка Ф.Скарыны… Дзе, калі не тут, святкаваць нашую з Вамі беларускасць?”

Тэкст дытоўкі, якую чытала дырэктар гімназіі Д.Стахновіч, быў прысвечаны біяграфіі беларускага празаіка, паэта і драматурга, класіка беларускай літаратуры – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, з дня нараджэння якога 4 лютага бягучага года споўнілася ўжо 210 гадоў.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі беларускай дыяспары Літвы, настаўнікі і вучні гімназіі, беларускія дыпламаты. Для тых, хто не змог паўдзельнічаць у дыктоўцы ў г.Вільнюсе, падобныя дыктоўкі былі арганізаваны ў гарадах Клайпеда і Вісагінас.

Пасля мерапрыемства ад імя Пасольства Беларусі ў Літве былі ўручаны падарункі тым, хто вырашыў паўдзельнічаць у конкурсе на лепшыя вынікі, і адбыўся нефармальны абмен уражаннямі, меркаваннямі і планамі на будучыню за кубачкам кавы.

P.S. Часопіс «Kraj» («Край») у некралогу В.Дуніна-Марцінкевіча аднойчы напісаў: «Удзячна і сардэчна ўспомняць яго некалі — калі пасталеюць — наступныя беларускія пакаленні». Спадзяемся, што сёння ў нас гэта атрымалася.


 

Версия для печати

Дипмиссии Беларуси за рубежом

Все дипмисии Сайт МИД
Перейти