:

Гуманітарнае супрацоўніцтва

Значным аспектам беларуска-літоўскага дыялогу з'яўляецца ўзаемадзеянне двух суседніх краін у галіне культуры, адукацыі, навукі, аховы здароўя, турызму, фізічнай культуры і спорту.

Культура:

У ліку прыярытэтных кірункаў у двухбаковым дыялогу на гуманітарным напрамку — актыўнае супрацоўніцтва ў сферы культуры. Больш за 5000 прадстаўнікоў творчых калектываў Беларусі і Літвы штогод прымаюць удзел у фестывалях, канцэртах, прэзентацыях, выставах. Прававой асновай для развіцця двухбаковых адносін у сферы культуры з'яўляюцца Дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне культуры паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Літоўскай Рэспублікі ад 21 лістапада 2001 г., а таксама Пагадненне паміж Міністэрствамі культуры Беларусі і Літвы аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гістарычнай і культурнай спадчыны ад 2 лютага 2009 г. З улікам агульнага гістарычнага мінулага дзвюх дзяржаў рэгулярна праводзяцца разнастайныя акцыі, накіраваныя на папулярызацыю беларуска-літоўскай культурнай і гістарычнай спадчыны, увекавечванне памяці аб вядомых суайчынніках Беларусі і Літвы. У апошнія гады значнымі падзеямі культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы сталі мерапрыемствы, прымеркаваныя да святкавання 200-годдзя выдатнага кампазітара, ураджэнца Міншчыны, — Станіслава Манюшкі, 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца, выдатнага вучонага сусветнага значэння Ігната Дамейкі.

Важнымі культурнымі падзеямі беларуска-літоўскага супрацоўніцтва з'яўляюцца штогоднія Дні культуры Беларусі ў Літве, у якіх прымаюць удзел творчыя групы, тэатральныя калектывы, мастакі, фотамастакі, музыканты, майстры народнай творчасці. Штогод Дні культуры праводзяцца ў розных гарадах Літвы. Запамінальнай незвычайнай культурнай акцыяй стала арганізацыя выставы фотаработ Ірэны Гудзіеўскай «Сімвалы Беларусі» і работ сям'і лідскіх мастакоў Лук'ян «Скарбы роднага краю» у г.Друскінінкае. Традыцыйна беларускія музычныя калектывы прымаюць удзел у Міжнародным фестывалі класічнай музыкі імя Міхаіла Агінскага ў г.Плунге (Літоўская Рэспубліка), Міжнародным фестывалі рускай духоўнай музыкі ў Літве, а прадстаўнікі Літвы — у Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» і Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Беларускія тэатральныя калектывы — сталыя ўдзельнікі міжнародных тэатральных фестываляў. Спектакль творчага аб'яднання «ТриТформаТ» на міжнародным тэатральным фестывалі «Крыжаванне» стаў пераможцам у двух намінацыях — «Прыз сымпатый глядачоў» і «Лепшы творчы дуэт». Паспяховымі выступленнямі ў гарадах Літвы адзначыліся таксама калектывы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра (БГАМТ), Моладзевага тэатра, Магілёўскага драматычнага тэатра, Тэатра беларускай драматургіі і Тэатра імя Гладкова. Падпісаны і рэалізуюцца двухбаковыя пагадненні аб супрацоўніцтве паміж музейнымі ўстановамі, у тым ліку паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеем Літвы, Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, установай «Музей «Замкавы комплекс «Мір», Нясвіжскім палацава-паркавым комплексам і Нацыянальным музеем «Палац вялікіх князёў літоўскіх», Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа і Літаратурным музеем А.С. Пушкіна (г. Вільнюс), Дзяржаўным музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным музеем тэатра, музыкі і кіно Літоўскай Рэспублікі. Усталяваны кантакты і развіваецца супрацоўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з Літоўскай нацыянальнай бібліятэкай им.М.Мажвідаса, бібліятэкай Акадэміі навук ім. Урублеўскіх і бібліятэкай Вільнюскага ўніверсітэта. Адным з яркіх мерапрыемстваў у галіне супрацоўніцтва паміж музеямі ў рамках святкавання 220-годдзя з дня нараджэння А.Міцкевіча стала адкрыццё у 2019 г. пастаяннага беларускамоўнага стэнда ў Музеі А.Міцкевіча ў г.Вільнюсе.

Турызм:

Узаемадзеянне ў галіне турызму ажыццяўляецца на падставе адпаведнай Праграмы аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам гаспадаркі Літоўскай Рэспублікі. З 2014 года турыстычныя кампаніі Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел у Міжнароднай выставе турызму, адпачынку і спорту «Адвентур» (г. Вільнюс), а прадстаўнікі турыстычнага бізнесу Літвы — у Міжнароднай турыстычнай выставе ў Мінску. У звычайную практыку ўвайшлі рэгулярныя прэзентацыі турыстычнага і лячэбнага патэнцыялу санаторыяў і лячэбных устаноў Беларусі для літоўскіх тураператараў.

Адукацыя:

Супрацоўніцтва ў галіне адукацыі развіваецца сродкамі цеснага ўзаемадзеяння паміж асобнымі ўстановамі адукацыі — універсітэтамі, прафесійнымі ўстановамі, каледжамі і сярэднімі школамі, дзіцячымі садкамі. На падставе дзеючых дамоваў аб супрацоўніцтве паміж ВНУ Беларусі і Літвы пастаянна ажыццяўляецца абмен студэнтамі, выкладчыкамі і навуковымі кадрамі для правядзення сумесных работ у галіне навукі і адукацыі. Штогод праходзяць пасяджэнні сумеснай кансультацыйнай камісіі міністэрстваў адукацыі Беларусі і Літвы. Сярод асноўных пытанняў, якія разглядаюцца на пасяджэннях, — дзейнасць Віленскай гімназіі з беларускай мовай навучання ў Літве і 2 літоўскіх школ у Беларусі. Яркім прыкладам добрасуседства і супрацоўніцтва ў галіне адукацыі паміж Беларуссю і Літвой з'яўляецца адкрыццё ў жніўні 2020 г. дзяржаўных устаноў адукацыі «Рымдзюнскі дзіцячы сад з літоўскай мовай навучання» і «Рымдзюнскі дзіцячы сад з беларускай мовай навучання" на базе Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі (Астравецкі раён). Беларускі бок у самыя кароткія тэрміны (з сакавіка па ліпень 2020 г.) правёў рэканструкцыю памяшканняў школы з улікам санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў да тэрыторыі і будынкаў дашкольных устаноў. Дашкольнікі і педагогі і беларускай, і літоўскай ўстаноў адукацыі на аднолькавых умовах атрымалі не толькі адрамантаваныя памяшканні, але і новае абсталяванне і сучасную мэблю. Такім чынам, на сённяшні дзень у агульным доме і пад адным дахам літоўскага Цэнтра дзейнічаюць два дзіцячыя садкі з беларускай і літоўскай мовамі навучання, дзве сярэднія школы з беларускай і літоўскай мовай навучання, а таксама агульны Інфармацыйна-культурны цэнтр і бібліятэка.

Навука:

Двухбаковае ўзаемадзеянне ў навуковай сферы ажыццяўляецца ў рамках Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Літоўскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій ад 24 студзеня 2008 г. і Праграмы супрацоўніцтва паміж Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі. У адпаведнасці з Пагадненнем створана двухбаковая Камісія па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. У рамках названай Праграмы паміж навуковымі арганізацыямі дзвюх краін рэалізуюцца сумесныя праекты па розных напрамках.

Спорт:

Супрацоўніцтва ў сферы фізічнай культуры і спорту развіваецца ў фармаце арганізацыі на тэрыторыях абедзвюх дзяржаў таварыскіх сустрэч, а таксама сумеснага ўдзелу ў зборах і міжнародных спаборніцтвах па гандболе, хакеі на траве, баскетболе, мастацкай гімнастыцы, пяцібор'і, водным пола, грэка-рымскай барацьбе і інш. Падтрымліваюцца актыўныя кантакты на ўзроўні нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, спартыўных федэрацый дзвюх краін.

Ахова здароўя:

Прававой падставай для развіцця супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя з'яўляецца Пагадненне паміж Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам аховы здароўя Літоўскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя ад 18.05.2015 г. Узаемадзеянне паміж установамі аховы здароўя развіваецца праз ажыццяўленне сумесных распрацовак, абмену вопытам, спецыялістамі, правядзення навуковых канферэнцый і сімпозіумаў. У адпаведнасці з дамовай паміж урадамі Беларусі і Літвы ад 06.02.1995 г. у г.Друскінінкай ажыццяўляе дзейнасць санаторый «Беларусь» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці