:

Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

У студзені 1919 года Міністр адукацыі Літоўскай тарыбы Мікалас Біржышка выдаў распараджэнне аб адкрыцці першай беларускай гімназіі ў Вільні (ВБГ). Школьныя заняткі ў гімназіі афіцыйна пачаліся 1 лютага 1919 года.

З 1919 па 1937 год гімназія размяшчалася ў самым сэрцы Вільнюса — будынку праваслаўнай духоўнай семінарыі на тэрыторыі комплексу Базыліянскага манастыра («Базыльянскія муры»), у 1937-1939 гадах ужо не як паўнавартасная гімназія, а толькі як філіял — у будынку (разбураным падчас вайны) дзяржаўнай польскай гімназіі імя Я. Славацкага (Дамініканская вуліца).

У 1939-1941 гг. — Віленская беларуская гімназія зноў набыла статус гімназіі, у гады акупацыі з 1941 г. па 1944 г. — няпоўнай сярэдняй школы.

За час свайго існавання (з 1919 па 1944 г.г.) гімназія была цэнтрам беларускага грамадскага жыцця Паўднёва-Усходняй Літвы. Яе называюць «кузняй беларускіх грамадскіх дзеячаў» і адным з самых плённых нацыянальных праектаў ХХ стагоддзя. У Віленскай гімназіі працавалі такія вядомыя беларускія дзеячы, як Антон Луцкевіч, Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Ігнат Дварчанин, Браніслаў Тарашкевіч, Мікалай Анцукевич, Рыгор Шырма, Язэп Драздовіч, Адам Станкевіч.

У 1992 годзе, амаль праз паўстагоддзя пасля закрыцця ВБГ, у Вільні быў створаны аргкамітэт па адраджэнні гімназіі, а ў 1993 годзе былі адкрыты першыя беларускія класы ў сярэдняй школе №13 і сярэдняй школе №17.

У 1994 годзе, роўна праз 50 гадоў, была заснавана школа №68 Вільні — адзіная беларускамоўная сярэдняя школа за межамі Беларусі, якой ў 1997 годзе прысвоена імя Ф. Скарыны.

У канцы 2012 года школа паспяхова прайшла акрэдытацыю, а 15 лютага 2013 года рашэннем Савета самакіравання Вільнюса № 1-1081 сярэдняя школа імя Ф. Скарыны была ператворана ў Віленскую гімназію імя Францыска Скарыны.

Змест вучэбнага працэсу ў гімназіі вызначаецца Агульнай праграмай і стандартамі Літоўскай Рэспублікі. Мова навучання — беларуская, руская, літоўская. У якасці другой замежнай мовы можна выбраць французскую або нямецкую мовы.

У гімназіі працуе больш за 30 высокакваліфікаваных выкладчыкаў, навучаюцца каля 250 школьнікаў з 1 па 12 класы. З 2014/2015 навучальнага года ў гімназіі дзейнічае падрыхтоўчая група для дашкольнікаў.

Гімназія Ф. Скарыны ў Вільні была і застаецца цэнтрам беларускай культуры і па сённяшні дзень. Тут праходзяць сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі і мастакамі, грамадскімі дзеячамі, робяцца навукова-практычныя канферэнцыі, выставы кніг, фотаздымкаў і твораў мастацтва. У гімназіі працуюць тэатральны калектыў, студыі выяўленчага мастацтва, вакальныя ансамблі «Жаваранак» і «Лянок».

З верасня 2002 года ў гімназіі дзейнічае Музей беларускай літаратуры і мастацтва па ініцыятыве Аб'яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы. Экспазіцыя музея складаецца з карцін беларускіх мастакоў, якія жывуць у Літве, і карцін, пераданых гімназіі Саюзам мастакоў Рэспублікі Беларусь. У музеі шмат кніг, фотаздымкаў, ксеракопій рукапісаў Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Багушэвіча, якія атрыманы ў дар ад Музея імя А.С. Пушкіна ў г.Вільнюсе.

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці